LAZA
Ростані
Содержание
Contents

2 студзеня

ЛЮДЗІ НА БАЛОЦЕ


«Гэтая бярозка толькі нядаўна асталявалася тут. Кароткае жыццё выдарылася ёй, і незайздросная доля гадавала яе. Закрытая, заціснутая з усіх бакоў старымі дзеравякамі, не бачыла яна сонца, рэдка калі патыхаў на яе свежы ветрык. А як яна не бачыла іншага свету і жыцця, дык і не наракала ніколі на сваё сірочае існаванне. Яна няясна пачувала волю, прастор, сонца і, стоячы тут, сярод гэтых дрэў, як чужаніца, ні з кім не гаварыла пра свае думкі і лятункі». (Якуб Колас. Балотны агонь.)

«Вось-вось, — скажаце вы. — Гэта пра нас».

«Пружаны, Глыбокае, Скідзель,
Сяляне раскідваюць гной…
Ніколі ўжо сонца ня ўзыйдзе
Над гэтаю, мабыць, зямлёй», — прасьпявае Пясьняр.

Самы галоўны вораг свабоды — наша «атмасфэра», «аўра», нашыя балоты, тое, што на гэтай зямлі ніхто ніколі ня бачыў іншага сьвету й жыцьця. І мы яго ня бачылі — таму й не наракаем на сваё нялюдзкае існаваньне. Нейкую волю «няясна пачуваем», але на няволю не наракаем. Самая страшная сіла, што на свабоду чалавека ня пускае, гэта інэрцыя несвабоды. Ну жыў жа так заўсёды, і неяк жа жыў. А было шчэ горш… А суседу вунё і зараз горш, чым мне… Дык можа, так яно й трэба? Абы Чачні ня было. А зачынюся на два свае замкі, адкрыю пляшку і халадзільнік, урублю «Рускае радыё» і… «Я свободе-е-ен!» Вось жа ж неяк так і перакантуемся тое кароткае жыцьцё, што нам надарылася «на зямлі, дзе прыходзіцца жыць».

Канкрэтныя асобы, канкрэтныя падзеі, канкрэтныя тэндэнцыі — усё гэта потым, усё гэтае не дае нам свабоды пасьля, калі мы яе ўжо пакаштавалі ці хаця б здалёк убачылі. А пачынаецца, накопліваецца і памнажаецца ў кожнай асобнай душы інэрцыя несвабоды з самай страшнай бястварай, бесьцялеснай і бесславеснай атмасфэры несвабоды і безнадзейнасьці. Не, зноў жа, няясна мы, як тая коласава бярозка, волю, прастор і сонца пачуваем, але нават ні з кім пра свае «думкі і лятункі» не гаворым. Свабоду пачуваем няясна. А рабства ўспрымаем ясна і беспамылкова — генамі, хрыбцінамі і кожнай клетачкай. На рабства ў нас нюх, інстынкт. Паглядзіць на цябе дзядзька (а то й зусім хлапчанё) ў форме ці цётка ў кабінэце — і ты ўжо ведаеш, што перад дзядзькам ці цёткай вінаваты. Яшчэ ня ведаеш, у чым вінаваты, але што вінаваты, адчуваеш як раз ясна, усёю істотаю сваёю.

Ну што ж, будзем лічыць, што першага ворага «свабоды нашай і вашай» мы знайшлі, ідэнтыфікавалі. І што ж зь ім рабіць? І як жа зь ім нам, людзям на балоце, змагацца?

Я прапаную пачаць з практыкаваньняў вельмі простых. Наперадзе ж старонак на цэлы год! Так што вось вам два радкі з аднаго вершыка. І ўявіце, што я дзядзька ў форме ці цёт… не, хопіць і дзядзькі, бо я ж, хоць і прайдзісьвет, але не трансвэстыт. Дык вось, я вам загадваю: перш чым перайсьці на іншую старонку, вывучыце гэтыя два радкі. І хай толькі хто паспрабуе ня вывучыць! Век яму тады волі ня бачыць!

Так жыць немагчыма, як вы жывяцё…
Жыцьцё без свабоды — ужо не жыцьцё!
        (Л. Дранько-Майсюк. Заключны зонг Ланцэлота. 
         Сьпектакль «Дракон» паводле п’есы Шварца. )

Што я чую? Нехта бочку коціць на аўтара гэтых радкоў? Ён, маўляў, усяго празь некалькі год пасьля таго, як сам пісаў зонгі аб свабодзе, перакладаў творы нейкага «башы», які нават аднае «думкі ці лятункі» аб той самай свабодзе баіцца, як чорт грому? Дык я ж вам, браточкі мае, і кажу (словамі Коласа і Шалкевіча), што «благарастварэньне ваздУхаў» ў нас такое. У нашым клімаце любы зонг на вачах, у адзін мэнт у «Рухнаму» скісьне.

Але «разгаворчыкі ў страю…» Вы куды, на свабоду сабраліся ці ў Каракумы? Вывучыць мне і ня вякаць. Бо якія могуць быць размовы аб свабодзе і аб несвабодзе, калі ў нас ад зубоў і ад душы ня будзе адскокваць, што жыць, так як мы жывем, немагчыма і што жыцьцё без свабоды — ужо ня  жыцьцё? Хіба што чыста эстэтычныя могуць быць бяз гэтага размовы. А я, даруйце, не эстэт. І ня лектар таварыства «Веды». Я зьбіраюся вам на цэлы год падсыпаць бобу з гарохам чыста практычнага, «за жысь». А «Ведаў» савецкіх я ня слухаў (што там было слухаць?), «Ведаў» індыйскіх ня чытаў. Біблію чытаў. І шмат разоў. Дык вось там, да прыкладу таксама напісана:

«Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства».

Але да гэтага шчэ, будзем жывыя, дойдзем. Тут трэба разабрацца, хто такі Хрыстос, хто такія тыя «мы», якім Ён гэтую свабоду даў, што за свабоду і як даў і шмат яшчэ чаго. Я ж кажу — на цэлы год навукі ў завочнай школе «бабізму-гарахізму». А пакуль першае заданьне: два радкі. На памяць. І by heart, як той казаў, што значыць і «на памяць», і, даслоўна, «сэрцам».

А што да дрэваў, да бярозак, заціснутых з усіх бакоў старымі дзеравякамі, якія ніколі ня бачаць сонца, ёсьць і ў нашай аўры, у арэале нашым для іх надзея. Памятаеце:

Песьняй вясны лебядзінаю,
    Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
    Ў сумнай даліне над ярам…
Чуецца музыка дзіўная
    Ў повесьцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
    Скінуўшы зімнія чары.

І даліна тая самая, сумная, пружанская, скідзельская, сітненская, ды шчэ й над глыбокім ярам, гэта значыць, над глыбоцкай «зонай», правалам і поўным завалам, але ж якая музыка!.. І, што хочацца асабліва падкрэсьліць, «небу панятлівай мовай» шапацяць зялёныя лісьцікі.

Вось так вось. Так што сапраўды «так жыць немагчыма, як вы жывяцё».

Ю. Сьмiрноў

да пачатку


Учора  Месяц цалкам  Заўтра
Усе дні



Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!